Categories
Uncategorized

Чаму я па-ранейшаму ў БНФ

Згадзіцеся, гэта незвычайна – чалавек зьехаў зь Беларусі шмат год таму і мог бы будаваць новае жыцьцё за яе межамі, скарыстаўшы сваё палітычнае мінулае як трамплін у будучыню. Тым ня меньш, ён ня толькі застаецца сябрам Партыі БНФ, але і зьбіраецца ўдзельнічаць у яе жыцьці, абіраецца дэлегатам зьезду. Пры гэтым заяўляе, што не прэтэндуе на партыйныя пасады, але прапануе кіраўніцтву сваю дапамогу.

Прычына ў тым, што я па-ранейшаму застаюся беларусам, і ад гэтага мне ўжо ніколі не пазбыцца. Беларусь у мяне ў генах, і яе лёсы для мяне неабыякавыя.

Разам з тым, я ведаю толькі адну партыю, якая мае бачаньне таго, якой павінная быць нашая краіна. Гэта Партыя БНФ – адзіная ў Беларусі ідэалагічная партыя не важдзісцкага, а палітычнага толку.

Іншыя партыі адрозьнівае нязьменнасьць кіраўніцтва на працягу дзесяцігоддзяў – іх кіраўнікі ўселіся ў свае фатэлі яшчэ ў 90-я, і ня зьбіраюцца іх пакідаць. У БНФ жа за той самы час зьмяніліся ня толькі кіраўнікі, але і намесьнікі, кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў ды г.д. На зьмену Зянону Пазьняку прыйшоў Вінцук Вячорка, якога замяніў Лявон Баршчэўскі, які потым перадаў лейцы Аляксею Янукевічу. Зараз мы стаім напярэдадні чарговай зьмены лідара Партыі. Гэтая зьмена тым больш прывабная, што ўпершыню будзе адбывацца без яўнай вайны “улады” і “апазіцыі” ўнутры самой партыі. Як на мой погляд, гэта прыклад ня толькі для іншых партыяў, але і ў цэлым для краіны – зьмена кіраўніцтва не павінная суправаджацца вайной усіх супраць усіх і разбурэньнямі ды падзеламі на тых, хто “за”, і тых, хто “супраць”.

Мы сасьпяваем да таго, што ня так важная асоба кіраўніка нашай Партыі, як важная ідэалогія, сьветапогляд і праграма. А кіраўнік Партыі – як і прэзыдэнт краіны – гэта часовая і часта кампрамісная фігура, якой пасьля адстаўкі належацца гонар і павага за тую працу, якую ён рабіў для нас усіх. Мы вучымся гэтым простым ісьцінам, і нашая палітычная місія ў Беларусі – данесьці гэтыя ідэі да нашага грамадзтва.

Партыя БНФ – гэта адзіная партыя, якая мае выразны ідэалагічны падмурак і сьветапогляд. Мы будаваліся як палітычная арганізацыя на глебе нацыянальнага адраджэньня. І мы шмат дабіліся ў сваёй гісторыі – нашыя палітыкі і дэпутаты ня толькі дамагліся аднаўленьня незалежнасьці Бацькаўшчыны пасьля амаль што 200-гадовай акупацыі, але мы здолелі адстаяць нашыя каштоўнасьці ў віры палітычных падзеяў канца 90-х і пачатку 2000-х. Менавіта фронтаўцы ўсталі начале змаганьня супраць інтэграцыйных пражэктаў улады. Менавіта мы прымусілі і ўладу, і грамадзтва ўсьвядоміць важнасьць і каштоўнасьць незалежнасьці. Сацыялогія выразна паказвае – беларускае грамадзтва ўспрымае незалежнасьць краіны як вялізную каштоўнасьць і не зьбіраецца ад яе адмаўляцца. Да той жа самай ісьціны прыйшла і ўлада, уключаючы асобу кіраўніка дзяржавы. Гэтага дабіліся мы, фронтаўцы, і мы маем права гэтым ганарыцца – незалежнасьць аб’ядноўвае ўсіх нас у адзінае грамадзтва, і гэта адзіная каштоўнасьць, якая ўспрымаецца ўсімі людзьмі ў краіне, незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Мы нават дабіліся таго, што ўлада бачыць таксама, які і мы, адкуль ідуць пагрозы Беларусі. Калі прааналізаваць дзеяньні ўлады за апошнія гады, то можна заўважыць, што яна ўсё актыўней рэалізуе нашую праграму: улады вычышчаюць са сваіх шэрагаў яўных прамаскоўскіх манкуртаў і будуюць кадравае заплечча, абапіраючыся на беларусаў. Пры гэтым, што важна, пад беларусамі мы разумеем не этнічных беларусаў, а ідэалагічных – тых, хто прымае нашую незалежнасьць і наш нацыянальны шлях разьвіцьця.

Аднак аднавіць незалежнасьць і збудаваць нацыянальную дзяржаву – гэта палова справы. Наступная задача, якая стаіць перад Беларусьсю – гэта пабудова прэстыжнай, высокаразьвітай дзяржавы з моцнай эканомікай, моцнай палітычнай пазіцыяй у рэгіёне і ў сьвеце. Нашая мэта на наступныя 20-30 год – зрабіць так, каб пашпарт Беларусі ў кішэні выклікаў гонар ва ўладальніка і павагу, а можа нават і зайздрасьць, у прадстаўнікоў іншых нацыяў і дзяржаваў.

Як гэта не парадаксальна, але ў гэтых мэтах з намі салідарная нават дзеючая ўлада. Можа мы па-рознаму бачым зь імі шляхі дасягненьня гэтых мэтаў, але самі мэты ў нас агульныя. Для нас на першым месцы стаіць вольная эканоміка, свабоднае і адкрытае грамадзтва. Для нашых апанентаў з улады на першым месцы захаваньне вялікіх прадпрыемстваў і кантроль над імі. Гэта іншы погляд, але ён мае права на жыцьцё, і мы мусім весьці дыялог і шукаць супольныя рашэньні.

У наступных артыкулах я пастараюся распавесьці, якой можа быць Беларусь ужо пры жыцьці нашага пакаленьня, праз 20-30 год. Пры ўмове, што мы, Партыя БНФ, па-ранейшаму будзем несьці ў грамадзтва нашыя ідэалы нацыянальнага адраджэньня, а ўлада будзе прыслухоўвацца да нас і рэалізоўваць нашыя праграмныя ўстаноўкі.

Юрась Зянковіч
Дэлегат Зьезду Партыі БНФ