Categories
Uncategorized

Дэфіцыт справядлівасьці

Артыкул майго добрая сябра Дзьмітрыя Шчыгельскага, які падымае вельмі істотную праблему адсутнасьці справядлівасьці ў сёньняшняй Беларусі і заклікае распачаць вельмі сур’ёзную дыскусію ўнутры Партыі БНФ пра гэтую праблему.

За той час, што мінуў з абвяшчэньня незалежнасьці, значна зьмянілася сацыяльная структура нашага грамадзтва. У прыватнасьці, зьявіліся г.зв. «гасударавы людзі». Гэта сілавікі, прэзыдэнцкая вертыкаль, дзяржаўныя чыноўнікі і зьвязаныя з уладай бізнэсоўцы. З улікам іх сем’яў, колькасьць гэтай групы прыблізна можна ацаніць у адзін мільён чалавек (гл. працы С.Нікалюка ды А.Вардамацкага).

Менавіта «гасударавы людзі» зьяўляюцца асноўнымі бенефіцыярамі ў існуючай сістэме. Яны маюць доступ да самых розных рэсурсаў. Напрыклад, да матэрыяльных: фінансы, ільготныя крэдыты, бясплатнае атрыманьне зямлі, зрошчваньне зь бізнэсам або проста прыхаванае валоданьне актывамі, сьпецыяльнае пенсійнае забесьпячэньне. Таксама яны маюць доступ да нематэрыяльных рэсурсаў: высокі сацыяльны статус, улада, уплывы, якасная адукацыя для сваіх дзяцей, добрае медычнае абслугоўваньне для сябе і дзяцей, доступ да культуры ды г.д. Жыцьцёвыя перспектывы дзіцёнка, бацькі якога зьяўляюцца рабочымі, сялянамі, сьпецыялістамі або дробнымі служачымі, і нашчадка «гасударавага чалавека», абсалютна несувымерныя.

Менавіта дзеля гэтага мільёна ў Беларусі існуе ў поўнай меры сацыяльная дзяржава. Гэтая група кроўна зацікаўленая ў захаваньні існуючай сістэмы. Архаічная для XXI стагоддзя аўтарытарная мадэль дзяржавы, надзвычай затратныя механізмы ўтрыманьня ўлады – гвалт, татальны кантроль, прапаганда – у комплексе са зьмяншэньнем фінансаваньня з боку Расеі, прыводзяць да памяншэньня рэсурсавай базы, што, у сваю чаргу, спараджае незадаволенасьць большасьці насельніцтва.

Узьнікае зачараванае кола: на подкуп насельніцтва грошаў няма, але нават паменьшаныя рэсурсы дыспрапарцыйна пераразьмяркоўваюцца на карысьць прывыліяванай групы, таму што неабходна захаваць яе лаяльнасьць. Больш за тое, само насельніцтва пачынае разглядацца кіруючым класам як крыніца рэсурсаў, бо больш іх няма дзе ўзяць.

Гэты абсалютна аб’ектыўны працэс, які не залежыць як ад волі і жаданьняў кіруючай сям’і, гэтак і ад дзеяньняў апазыцыі. Сацыяльна-эканамічная няроўнасьць у Беларусі будзе павялічвацца, што будзе вызначаць разьвіцьцё палітычнай сітуацыі.

У масавай сьвядомасьці гэты працэс аб’ектыўна адлюстроўваецца хутчэй на ўзроўні адчуваньняў, уражаньняў, чым усьведамленьня таго, што ўлада больш ня кіруецца патрэбамі народу і не абапіраецца на яго – яна клапоціцца выключна пра свае інтарэсы і разглядае людзей у якасьці рэсурсу. Лукашэнка імкліва губляе статус “народнага прэзыдэнта” і робіцца “прэзыдэнтам гасударавых людзей”.

Усё вышэй пералічанае спараджае ў грамадзтве адчуваньне адсутнасьці справядлівасьці. Гэта першая якасная зьмена сітуацыі з моманту прыхода Лукашэнкі да ўлады. Сьпецыфіка беларускай культуры, менталітэту, асаблівасьцяў гісторыі прыводзяць да таго, што большасьць кепска або ўвогуле не разумее, што такое правы і свабода, і не ўсьведамляе іх вартасьцяў. Гэта ня кажучы ўжо пра больш складаныя інстытуты і механізмы функцыянаваньня грамадзтва. Яны не зьяўляюцца для большасьці беларусаў каштоўнасьцю, за якую варта змагацца, а тым больш ахвяроўваць нечым матэрыяльным ці нават жыцьцё.

Але паняцьце справядлівасьці ў беларускай культуры і ментальнасьці выклікае водгук і гатовасьць дзейнічаць. Менавіта гэта мы назіралі ўвесну гэтага году пад час пратэстаў г.зв. “тунеядцаў”.

Партыя БНФ, як партыя беларускага народу, павінная вярнуць народу адабраную справядлівасьць, зрабіць дзяржаву народнай, перабудаваць яе такім чынам, каб яна адлюстроўвала і ўлічвала інтарэсы ўсіх слаёў і сацыяльных групаў, а ня толькі інтарэсы лукашэнкаўскага “залатога мільёна”. На сёньня гэта адна з галоўных нацыянальных задачаў. Але пры гэтым мы мусім памятаць, што для ўмоўнага “залатога мільёна” Лукашэнка сапраўды зьяўляецца “бацькам” – бо менавіта дзякуючы яму асабіста і выбудаванай ім сістэме яны маюць усё: уладу, уласнасьць, грошы, становішча ў грамадзтве. Зьмена ўлады, асабліва калі яна будзе адбывацца рэвалюцыйным шляхам, пазбавіць іх усяго гэтага, а самі яны перастануць быць “гасударавымі людзьмі”. Значная частка зь іх гэта выдатна ўсьведамляе і таму будзе змагацца любымі метадамі дзеля захаваньня існай сістэмы, у якой яны – людзі, а рэшта насельніцтва – быдла і рэсурс для іх дабрабыту.

Якім чынам нівеліяваць супраціў існуючага “залатога мільярда” і зрабіць грамадзтва больш справядлівым для ўсіх беларусаў – гэта тэма для сур’ёзнай унутрыпартыйнай інтэллектуальнай дыскусіі. У рэшце рэшт мы, як партыя беларускага адраджэньня, павінныя памятаць, што той “залаты мільён” – гэта таксама паўнавартасная частка нашага грамадзтва, пра інтарэсы якога мы мусім дбаць. Але, разам з тым, мы не павінныя мірыцца з тым, што гэты “залаты мільён” паразітуе на рэшце насельніцтва, пазбаўляючы большасьць беларусаў будучыні ў імя сваіх уласных скурных інтарэсаў праіснаваць тут і зараз, пабыць нахлебнікамі яшчэ год ці два.

Дзьмітры Шчыгельскі
сябра Партыі БНФ