Categories
Uncategorized Відэа

Сірэневенькі бесперспектыўняк — 11

Categories
Uncategorized Відэа

Сірэневенькі бесперспектыўняк – 6

Шосты выпуск “Сірэневенькага бесперспектыўняка”.

Абмяркоўваем Бабарыку… ажно занадта доўга. У дзядзькі ёсьць шанец стаць сапраўдным нацыянальным лідарам, калі пачне замест маркетынгу займацца палітыкай. Карацей, ёсьць шанец нарэшце аб’яднаць усіх незадаволеных беларусаў у рэальны Рух супраць дыктатуры. Ці скарыстаецца шансам Бабарыка? Даведаемся ўжо хутка.

Categories
Uncategorized

Што трэба рабіць, каб Беларусь сталася пасьпяховай краінай?

Сёньня нашая краіна перажывае пачатак эканамічнага і сацыяльнага тайфуна – да вельмі сур’ёзных праблемаў з эканомікай у пачатку году, дадаўся каранавірусны крызіс. Каранавірус, з аднога боку, абнажыў крызіс недаверу да ўлады, а з другога – прывёў да сусьветнай эканамічнай дэпрэсіі, якая пагражае стацца настолькі ж сур’ёзнай, як сусьветная вайна.

Беларускі рэжым гэты крызіс не перажыве. Дні Лукашэнкі і ягонай банды палічаныя. Няважна, як пройдуць “выбары” ў жніўні гэтага году – краіну накрые такая хваля крызісу, якую беларусы ня бачылі з 1990-1991 году, а можа нават і горш. Гэтая хваля змые Лукашэнку і ягоную “сацыяльную дзяржаву” ў нябыт гісторыі.

Але калі хваля схлыне, мы застанемся са зруйнавай эканомікай і няспраўнай дзяржавай. Хто прыдзе да ўлады пасьля палітычнай (а, магчыма, і фізычнай сьмерці) Лукашэнкі, на сёньня невядома. Але важна ведаць, як і куды весьці краіну, каб не паўтараць памылкі апошніх 30 год.
Гэты тэкст не прэтэндуе на ролю эканамічнай праграмы будучай улады, а хутчэй прызначаны, каб пачаць грамадзкую дыскусію.

АКТЫВЫ БЕЛАРУСІ
У актывах у нас ня так шмат козыраў. Але гэта адзінае, што мы можам выкарыстаць, каб праз наступныя 30 год дагнаць найбольш разьвітыя эканомікі Эўропы і сьвету. Гэта не перабольшваньне – правільная эканамічная палітыка новага ўраду, асабліва ў першыя 3-5 год, здольная закінуць Беларусь на такую высокую арбіту эканамічнага разьвіцьця, што праз 25-30 год беларусы дагоняць па ўзроўню жыцьця Нямеччыну, Францыю і Брытанію, перагнаўшы і пакінуўшы далёка ззаду Польшчу, Расею, Украіну і Летуву.

У актыве Беларусі ёсьць: шмат незагаспадаранай зямлі, сякія-такія карысныя выкапні (накшталт калійнай солі), нафтаперапрацоўка, геаграфічнае становішча на перасячэньні транспартных маршрутаў “захад-усход” і “з варагаў у грэкі”, а таксама ў меру спраўная сістэма адукацыі ды працавітае, няблага адукаванае насельніцтва.

Нафтаперапрацоўку, соль, сельскагаспадарчую вытворчасьць і геаграфічнае становішча спрабаваў выкарыстоўваць Лукашэнка. Вынікі былі так сабе. Зрэшты, ніхто ў новага ўрада гэтыя козыры не забірае – іх па-ранейшаму можна выкарыстоўваць, аднак памятаць, што іх недастаткова для пабудовы спраўнай эканомікі.

КУЛЬТ АДУКАЦЫІ
Што Беларусі сапраўды трэба разьвіць хутка і максімальна якасна – гэта адукацыю насельніцтва.

На сёньня мільёны даляраў убухіваюцца ў спорт, ад якога радасьць толькі Лукашэнку ды ягоным сынам ад таго, што іх беларускія спартоўцы ад часу да часу перамагаюць на стадыёнах па ўсім сьвеце. Рэальнай эканамічнай аддачы ад гэтага няма.

Беларусі жыцьцёва неабходна зрабіць з адукацыі культ. Тыя грошы, якія трацяцца на прызавыя для спартоўцаў, трэба патраціць на прызавыя для пераможцаў міжнародных школьных ды студэнцкіх алімпіядаў ва ўсіх галінах ведаў – матэматыка, інфарматыка, фізіка, хімія, біялогія, геаграфія, замежныя мовы… Любыя дысцыпліны і любыя спаборніцтвы, дзе перамагаюць веды, а не фізычная сіла.

Калі беларускі школьнік атрымае 100,000 даляраў за перамогу на сусьветнай алімпіядзе па сваім прадмеце, гэта зробіцца стымулам для яго вучыцца далей. Што важна, іншыя школьнікі пабачаць на рэальным прыкладзе, што вучоба “на выдатна” – гэта ня толькі пахвала ад бацькоў, але і моцная матэрыяльная падтрымка.

Школьнікі, якія здолеюць паступіць у любы ўніверсітэт з сусьветнага сьпісу ТОП-300, будуць атрымліваць крэдыт на вучобу і на пражываньне за мяжой. Крэдыт сьпішацца пры ўмове, што такі малады сьпецыяліст адпрацуе 10 год у Беларусі пасьля выпуску з універсітэту. Няважна, на дзяржаўнай ці на прыватнай працы – галоўнае, ён павінен пражыць 10 год у Беларусі і плаціць тут падаткі. Тое самае датычыць маладых сьпецыялістаў, якія выпусьціліся зь беларускіх ВНУ: яны вінаватыя дзяржаве за навучаньне да таго часу, пакуль 10 год не адпрацуюць у Беларусі на любой працы, няважна па сьпецыяльнасьці ці не. Такім чынам, замест казарменна-прыгоннага метада разьмяркаваньня, у Беларусі зьявіцца рынкавая сістэма стымуляваньня выпускнікоў заставацца на радзіме і падымаць яе эканоміку. Ну а калі хто ня хоча жыць у Беларусі – няма праблемаў, аднак грошы, патрачаныя на навучаньне, павінныя быць вернутыя дзяржаве (ці хутчэй упаўнаважаным банкам, якія будуць адміністраваць крэдыты пад дзяржаўныя гарантыі).

Ужо праз 5-10 год у Беларусі зьявяцца сьпецыялісты зь якаснай як беларускай, так і замежнай адукацыяй, якія мінімум 10 год будуць працаваць у нашай эканоміцы. А хутчэй за ўсё застануцца тут назаўсёды, бо за 10 год яны пусьцяць карані і зробяць пасьпяховую кар’еру на радзіме.

БІЯТЭХНАЛОГІІ І ІТ
ІТ-сэктар больш-меньш пасьпяхова разьвіваецца пры існуючай уладзе. Аднак нават гэтая ўлада зразумела, што дзеля разьвіцьця перадавых тэхналогіяў ім трэба стварыць спрыяльныя эканамічныя ўмовы.

Тым ня меньш ІТ – гэта канец ХХ і самы пачатак ХХІ стагоддзя. Сусьветны рынак ІТ крышталізуецца, і новых нішаў на ім будзе ўсё меней. Да пэўнай ступені ІТ – гэта тая эканамічная галіна, якая можа яшчэ год 20-30 цягнуць краіну наперад. Але яе рэсурс сканчаецца.

Каранавірусны крызіс паказвае, што біятэхналогіі – гэта ня толькі эканамічна выгодна, але гэта пытаньне выжываньня нашай цывілізацыі і нават біялагічнага віду.

На сёньня біятэхналогіі ў сьвеце зьвязаныя шматлікімі прававымі і этычнымі бар’ерамі. Усе сьпецыялісты гавораць, што будучыня біятэхналёгіяў ляжыць у галіне эксперыментаў са ствалавымі клеткамі, у тым ліку ствалавымі клеткамі чалавека. Біёлагам жыцьцёва неабходна капацца ў нашай генетычнай праграме – нашым ДНК. Аднак яны ня могуць, бо сьціснутыя дзяржавамі і іх правіламі і законамі пра абмежаваньне эксперыментаў над ствалавымі клеткамі чалавека.

Тая дзяржава, якая першая разьняволіць біёлагаў і іншых навукоўцаў і дазволіць эксперыменты з чалавечымі ДНК (у тым ліку з эмбрыёнамі чалавека), атрымае магутныя інвестыцыі ад транснацыянальных карпарацыяў, што сьпецыялізуюцца на медычных і генетычных дасьледваньнях. Такія карпарацыі будуць разьмяшчаць тут свае навуковыя цэнтры (у якіх будуць працаваць нашыя навуковыя супрацоўнікі), вытворчасьці (дзе будуць працаваць нашыя рабочыя), а таксама банкі патэнтаў і тэхналогіяў. Сьпецыялісты такіх кампаніяў будуць выкладаць у нашых ВНУ, яшчэ больш падвышаючы ўзровень адукацыі беларусаў.

Беларусь можа заняць гэтае месца і атрымаць магутны штуршок у разьвіцьці пры ўмове, што яна дазволіць эксперыменты над ДНК чалавека на сваёй тэрыторыі.

ЛЁГКАЯ ДЗЯРЖАВА І ДЭРЭГУЛЯВАНАЯ ЭКАНОМІКА
Досьвед беларускага ІТ-сэктара паказвае, што ён разьвіваецца пры дзьвюх умовах: мінімум умяшальніцтва дзяржавы і нізкія падаткі.

Гэты пазітыўны досьвед трэба прымяніць да рэшты беларускай эканомікі: скараціць на 70%-80% колькасьць міністэрстваў і іншых кантрольна-правяраючых ворганаў, а таксама радыкальна зьнізіць падаткі. Беларусы ўжо навучыліся законапаслухмянасьці, і яны будуць плаціць падаткі пры мінімальным кантролі з боку дзяржавы.

Беларуская дзяржава павінная быць максімальна лёгкай і максімальна таннай. Захаваць трэба наступныя міністэрствы: абарона і ўнутраныя справы (абарона ад зьнешніх ворагаў і ад злачынцаў – натуральная функцыя дзяржавы), юстыцыя (правасуддзе – таксама функцыя дзяржавы), фінансы і падаткі (каб фінансаваць дзяржаўны апарат), адукацыя і навука (таму што ставім на яе разьвіцьцё). Астатнія міністэрствы павінныя быць скарочныя як непатрэбныя. Туды ж усе дзяржаўныя канцэрны, камітэты ды г.д. Дзеля кіраваньня дзяржаўнай уласнасьцю – да таго часу, пакуль яна ня будзе цалкам прыватызаваная – павінен захавацца камітэт па дзяржаўнай маёмасьці, які на конкурснай аснове будзе прызначаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, што часова застаюцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Пры гэтым камітэт не павінен прымаць ніякіх іншых кіруючых рашэньняў, апроч прызначэньня і адкліканьня ў прадугледжаных законам выпадках назіральных радаў. Апарат такога камітэта будзе мінімальна неабходным для выкананьня гэтых функцыяў.

За кошт абглягчэньня дзяржавы зьявіцца магчымасьць радыкальна скараціць падаткі, што, у сваю чаргу, прывядзе да паляпшэньня бізнэс-клімату ў краіне.

Вырашэньне мясцовых побытавых і камунальных праблемаў павінна быць перададзенае ўніз, на ўзровень мясцовага самакіраваньня, якое павінна атрымаць права ўводзіць свае падаткі. Такім чынам будзе створаная канкурэнцыя паміж рэгіёнамі: там, дзе хочуць больш сацыялізму і сацыяльных гарантыяў, павінныя будуць знайсьці для іх сродкі самастойна, што, у сваю чаргу, падыме мясцовыя падаткі і будзе пагаршаць канкурэнтаздольнасьць рэгіёну для бізнэса. Людзі на месцах будуць вучыцца адказнасьці і выбару – больш месцаў працы або больш сацыялізму (на які, як вядома, рана ці позна сканчаюцца грошы). Самі грамадзяне таксама атрымаюць выбар дзе жыць – там, дзе вышэй падаткі, але больш сацыялізму, або там, дзе ніжэй падаткі і больш працы.

ВЫСНОВЫ

Як паказвае сусьветная практыка, нізкія падаткі, мінімум дзяржаўнага рэгуляваньня і адукаванае насельніцтва – гэта рэцэпты пераўтварэньня эканомікі адсталай дзяржавы ў эканоміку “тыгра”. Тыя краіны, дзе былі выкананыя гэтыя ўмовы, на працягу жыцьця аднаго пакаленьня, за 20-30 год уварваліся ў сьпісы найбольш пасьпяховых і разьвітых дзяржаваў планеты. Паглядзіце прыклады Тайваня, Сінгапура, Паўднёвай Карэі, Ірландыі – у гэтых краінах пайшлі па апісаным вышэй шляху. Нават нашыя суседзі палякі, эканоміка якіх яшчэ ў 1990 годзе была слабейшая за нашу, сёньня ўваходзяць у ТОП-30 самых заможных дзяржаваў.

Калі беларусы хочуць быць пасьпяховай нацыяй, мы павінныя пачаць рабіць культ навукі, разрэгуляваць эканоміку і паставіць на разьвіцьцё біятэхналёгіяў.

Юрась Зянковіч

Categories
Uncategorized

Грандыёзны шухер

Як гаворыць ад’ютант пана атамана Папандопула з Адэсы, рэжым знаходзіцца напярэдадні грандыёзнага шухера. А гэта значыць, што дні Лукашэнкі, магчыма, ужо палічаныя. І ўсё гэта здарылася дзякуючы зьбегу шэрагу абставінаў.

ТРЫ СТАЛПЫ БЕЛАРУСКАГА ЭКАНАМІЧНАГА ЦУДА

Беларуская эканамічная мадэль захоўвае адносную стабільнасьць дзякуючы тром складнікам: экспарт калійных угнаеньняў у Кітай і Індыю, экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі ў Эўропу, і экспарт прадукцыі г.зв. “рэальнага сэктара” (тобок неканкурэнтаздольных на сусьветных рынках рэштак савецкіх прадпрыемстваў) у Расею. Усе тры сталпы пагражаюць абваліцца ўжо ў бліжэйшыя тыдні. А чацьвёрты шырокаразрэклямаваны стоўп – беларускі ІТ-сэктар – пакуль яшчэ не дарос да таго памера, калі ён здолеў бы выцягнуць рэшту эканомікі і захаваць адносную стабільнасьць.

Прычым што цікава – абвал аднаго з трох сталпоў выклікаў бы падзеньне ўзроўню жыцьця, і рэжым гэткія крызісы перажываў раней. Абвал двух сталпоў – гэта ўжо нябачаны раней выклік і крызіс эканамічнай мадэлі. А абвал адразу трох сталпоў – гэта крах мадэлі без магчымасьці яе аднавіць.

АБВАЛ КІТАЯ

Беларускі экспарт калійных угнаеньняў меўся вельмі няблага ў нулявых гадах, калі кошт тоны калійнай солі сягаў 650 і болей даляраў. За мінулае дзесяцягоддзе кошты ўпалі ўдвая, і зараз не дацягваць нават да 300 даляраў за тону.

Да гэтага дайшло скарачэньне продажу. Як вядома, Беларуськалій так і ня здолеў напрыканцы 2019 году дамовіцца з Кітаем што да цаны. У выніку экспарт з Салігорска рэзка абваліўся, і зараз там стаіць пытаньне нават пра скарачэньне персанала.

А ў сувязі з наступствамі эпідэміі каронавіруса ў Кітая зараз намячаюцца такія праблемы, што ён наўрад ці здолее дапамагчы сваім беларускім “малодшым братам”.

Справа ў тым, што аснова эканомікі Кітая – гэта экспарт прамысловай прадукцыі ў разьвітыя краіны сьвету. Жорсткія меры кітайскіх таварышаў па барацьбе з эпідэміяй прывялі да эканамічнай стагнацыі – ужо зараз гавораць, што ў гадавым абліку кітайскі экспарт скараціўся нават на 17%. І гэтая лічба будзе толькі нарастаць.

Нават калі Кітай справіўся ўжо з эпідэміяй і гатовы запусьціць прамысловасьць, яе прадукцыя акажацца незапатрабаванай: эканомікі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі практычна спыніліся з-за карантынных мерапрыемстваў, і ў бліжэйшы месяц-два дакладна ня здолеюць аднавіць імпарт з Паднябёснай.

Стагнацыя ж эканомікі і крызіс пагражае ўжо самой сутнасьці кітайскай улады, якая год ня можа справіцца з пратэстамі ў Ган-Конгу. Дурны прыклад можа заразіць і іншыя правінцыі, дзе насельніцтву ўпершыню за апошнія 40 год магчыма прыдзецца сутыкнуцца з рэальным пагаршэньнем узроўня жыцьця. У гэтай сітуацыі кітайскі “сацыяльны кантракт” (камуністы забясьпечваюць рост дабрабыта насельніцтва, а насельніцтва ня лезе ў палітыку і прымае ўладу камуністаў) можа даць такі крызіс, што Кітаю будзе яшчэ вельмі доўга не да сінявокай сяброўкі.

А гэта значыць, што праблема экспарту калійных угнаеньняў так і застанецца нявырашанай.

АБВАЛ РЫНКУ НАФТАПРАДУКТАЎ

Беларусь адчула на сабе нафтавую расейскую ўдаўку ўжо ў пачатку года. Паставак на Мазырскі і Наваполацкі камбінаты з усходу як ня было, так і няма. Закупкі невялікіх партыяў на іншых рынках вырашылі праблему толькі ў нязначнай ступені. За два месяцы беларускі экспарт перажыў моцны спад, бо ня было як прадаваць нашыя нафтапрадукты.

Зараз сітуацыя робіцца яшчэ горшай. Расея як не прадавала, так і не прадае нафту ў Беларусь – нават пры тым, што расейскую нафту маркі Urals адмаўляюцца купляць у Эўропе. Пастаўкі з Паўночнага мора ці ад арабскіх сяброў сям’і Лукашэнак пакуль не даехалі. Нафтаперапрацоўка ледзь трымаецца пры жыцьці.

А да гэтага дайшоў яшчэ і абвал нафтавых рынкаў. Падае ня толькі цана на нафту, але і на нафтапрадукты. На момант напісаньня гэтага тэксту на сусьветных рынках бензін гандляваўся па $0.684 даляра за галон. Яшчэ тыдзень таму цана сягала 1 даляра, а месяц назад была $1.75.

Такім чынам, нават калі б беларускія НПЗ зараз працавалі на поўную магутнасьць, экспартная выручка і так была б у тры разы ніжэй, чым яшчэ месяц назад. А з улікам таго, што яны стаяць, цалкам ня выключана, што зараз было б больш выгодным, каб яны і надалей стаялі – прынамсі ня будуць прыносіць страты.

Калі такая кан’юнктура пратрымаецца яшчэ хаця б месяц-два (а з улікам спыненьня эўрапейскай і амэрыканскай эканомікаў няма прычынаў, каб кан’юнктура памянялася), то ў Беларусь амаль спыніцца паступленьне валюты за нафтаперапрацоўку.

АБВАЛ РАСЕЙСКАГА РЫНКУ

Толькі лянівы беларус зараз не назірае за тым, як спыняецца дыханьне ў расейскага экспарту. З-за таго, што Расея недальнабачна ўвязалася ў вайну нафтавых цэнаў, ды яшчэ і на фоне каранавіруснага крызісу, яе нафтавы экспарт (які дае 2/3 валютных паступленьняў) гразіць абваліцца.

Следам за экспартам падае расейскі рубель. На момант напісаньня артыкула ягоны курс складаў 80 рублёў за даляр. І гэта яшчэ не мяжа – прагнозы гавораць пра 110-120 рублёў за даляр ужо ў бліжэйшай перспектыве.

Беларускія прадпрыемствы з большага падпісваюць кантракты на пастаўку ў Расею за расейскія рублі. Пераглядаць кошты ніхто на ўсходзе ня будзе – з улікам крызісу беларусы павінныя будуць радавацца, што хаця б за тыя грошы (тобок у паўтара-два разы таньней, чым плянавалася) там возьмуць іх тавары. Між іншым, пастаўкі сыравіны і камплектуючых на беларускія прадпрыемствы г.зв. “рэальнага сэктара” ідуць за валюту. А прадаваць прыдзецца за “драўляныя” расейскія рублі. Чым гэта пагражае, чытачы могуць уявіць самі.

КРЫЗІС РЫНКУ ПРАЦЫ НА ЎСХОДЗЕ І НА ЗАХАДЗЕ

Беларусы – людзі цярплівыя, і калі ў іх дома нешта няладзіцца, яны масава едуць на заробкі: хто ў Расею, хто ў Эўропу. Прычым што важна – едуць найбольш здольныя і актыўныя, а пасіўныя застаюцца дома, каб піць гарэлку ды скардзіцца на жыцьцё.

Праблема ў тым, што і Эўропа, і Расея зачынілі межы. Далей будзе толькі горш – крызісныя зьявы будуць нарастаць і там, і там. А значыць патрэба ў працаўніках будзе падаць, і пад скарачэньне патрапяць, у першую чаргу, замежныя гастарбайтары, сярод якіх і беларусы.

Беларускім “зарабітчанам” давядзецца вяртацца дахаты, бо бяз месца працы візы ім ніхто працягваць ня будзе. А дома яны далучацца да тых суайчыньнікаў, якія і так ужо сядзяць бяз працы. Паколькі вяртацца будуць маладыя, інінцыятыўныя і працавітыя, гэта пагражае тым, што яны моўчкі трываць такі стан рэчаў ня будуць – яны пойдуць на вуліцы.

РЭАКЦЫЯ РЭЖЫМА

Як паказвае гісторыя іншых краінаў, якім бы брутальным і крывавым ня быў дыктатарскі рэжым, разваліцца ён можа на працягу літаральна некалькіх дзён – проста пад ціскам масавых пратэстаў.

Лукашэнка – у гэтым можна не сумнявацца – будзе трымацца за ўладу зубамі. І яму будзе абсалютна абыякава, колькі людзей трэба будзе забіць, каб застацца пры ўладзе. Іншая справа, ці выканаюць загад страляць сілавыя ворганы.

Адна справа – гэта разагнаць дубінкамі жалосную кучку апазіцыянераў. І зусім іншая справа – адчыняць агонь з вагняпальнай зброі па натоўпе рабочых, якія выйдуць у цэнтр гораду. На такое ў 1990 годзе не спадобіліся нават камуністы! Беларусы – народ суворы і помсьлівы, і тым, хто выканае такі загад, жыцьця ў Беларусі ня будзе, бо заб’юць рана ці позна разам з сем’ямі.

Тых, хто гатовы на такое рызыка “дзеля захаваньня ўлады для Лукі і ягонага байструка” (цытата аднаго з беларускіх афіцэраў), ня так шмат. Таму зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што ў выпадку масавых выступленьняў кроў будзе пралітая, але адносна невялікая.

РЭАКЦЫЯ АПАЗІЦЫІ

У тым выпадку, калі ў Беларусі здарацца масавыя выступленьні, беларуская апазіцыя павінная вылучыць тры простых і зразумелых тэзіса:
1. Неадкладная адстаўка Лукашэнкі;
2. Неадкладная адстаўка ўсёй структуры выбаркамаў, пачынаючы ад Ярмошынай і сканчаючы ўсімі сябрамі раённых выбарчых камісіяў з забаронай ім удзельнічаць у выбарах у любой форме;
3. Неадкладнае правядзеньне пазачарговых выбараў прэзыдэнта і затым у нацыянальны сход.

І няхай пераможа мацнейшы! Але тое ўжо будзе зусім іншая гісторыя зусім іншай Беларусі.

Юрась Зянковіч