Categories
Сучаснасьць Беларусі

Пра Паўла Шарамета

Не магу сказаць, каб я быў вельмі блізка знаёмы зь нябожчыкам Паўлам Шараметам. Не магу таксама сказаць, што нашыя асабістыя адносіны былі добрымі. Павал быў сьпецыфічнай асобай, зь якой далёка ня ўсім удавалася лёгка паразумецца.

Аднак безумоўна Павал Шарамет быў яскравай зьявай у журналістыцы. Прычым ня толькі ў беларускай, але і ў расейскай і ўкраінскай. І ягоная заўчасная і трагічная сьмерць — гэта чарговы магутны ўдар па свабодзе слова ў нашых краінах.

Я б хацеў бы зьвярнуць увагу на іншае. Хто б ні быў непасрэдна вінаватым у гібелі Паўла — беларускі рэжым, зь якім у Шарамета былі даўнія складаныя адносіны; крамлёўскі фашысцкі рэжым, які яго таксама на дух не пераносіў; або нехта з украінскіх нягоднікаў — фактам застанецца тое, што ў Кіеве няма эфектоўнай улады. У Кіеве любы злачынца і тэрарыст можа пачуваць сябе вельмі свабодна і беспакарана. Можна да паўсьмерці зьбіць доктара-дабравольца, можна забіць журналіста, а можна страляць па “нябеснай сотні” са снайперскай стрэльбы ў цэнтры горада. Украінская ўлада ня здольная ня толькі прадухіліць гэтыя злачынствы, але і знайсьці вінаватых.

Расейскія ўлады не далёка ад гэтага сышлі. Забойства Барыса Нямцова — дарэчы, зь якім Павал Шарамет блізка сябраваў — было зьдзейсьнена зухвала ў самым цэнтры Масквы, і вінаватыя дагэтуль ня знойдзеныя.

У параўнаньні з гэтым беларуская дзяржаўная манаполія на гвалт выглядае значна больш прывабнай. Так, у нас таксама зьбіваюць нязручных журналістаў — але ж не забіваюць іх. Беларуская дзяржава не знаходзіцца ў стане перманентнага распада, як улада ў Расеі ці Ўкраіне. Беларусы могуць пачуваць сябе адносна бясьпечна, а замежныя сьпецслужбы ня надта могуць разгуляцца ў нашай краіне.

І гэта трэба цаніць. Беларуская дзяржава павінная быць моцнай і павінная добра кантраляваць тэрыторыю краіны. Дзеля таго, каб такія нахабныя злачынствы не здараліся на вуліцах беларускіх гарадоў. Адна справа — нашыя мясцовыя спрэчкі за ўладу і ўплывы, а зусім іншая справа — захаваньне і ўмацаваньне нашай дзяржаўнасьці, бясьпека нашых грамадзянаў, як апазыцыйна настроеных, гэтак і прыхільнікаў улады.

Каб беларускія журналісты больш ня гінулі ў нявызначаных абставінах! Каб усе беларусы пачуваліся бясьпечна!

Вечная памяць памёрламу! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Categories
Праграма Сучаснасьць Беларусі

Чатыры сцанары для Беларусі

Вось ужо год як Беларусь і рэшта Эўропы жыве ў новых рэаліях. Рэаліі гэтыя настолькі адрозьніваюцца ад таго сьвету, які існаваў да лютага 2014 году, што шмат якія ўвачавідныя раней рэчы сталіся абсалютна няправільнымі і памылковымі цяпер. Рэаліі новага сьвету дыктуюць новыя стратэгічныя выклікі, у тым ліку для Беларусі. Калі раней, да лютага 2014 году мы маглі казаць пра ўладу Лукашэнкі як галоўную пагрозу будучыні нашай краіны, то цяпер галоўнай пагрозай зьяўляецца страта сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, прычым сыходзіць яна не ад Лукашэнкі (які парадаксальна стаўся гарантам незалежнасьці), а ад фашыстоўскай і абсалютна непрадказальнай суседняй краіны. У новых рэаліях становіцца актуальным тэзіс, які раз-пораз гучыць сярод беларускіх аналітыкаў: упершыню за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ягоныя асабістыя інтарэсы, інтарэсы наменклятуры, апазыцыі і грамадзтва супалі. Інтарэсы гэтыя ў тым, што мы мусім прыкласьці ўсе намаганьні, каб гарантаваць, замацаваць, а калі трэба, то і абараніць незалежнасьць нашай краіны.

Прадстаўлены ніжэй тэкст – гэта спроба прааналізаваць пагрозы і магчымасьці, што існуюць зараз для нашай краіны, і накідаць магчымыя варыянты рэакцыі дэмакратычнай супольнасьці і грамадзтва ў цэлым на той ці іншы сцанар разьвіцьця падзеяў.