Categories
Праграма Сучаснасьць Беларусі

Чатыры сцанары для Беларусі

Вось ужо год як Беларусь і рэшта Эўропы жыве ў новых рэаліях. Рэаліі гэтыя настолькі адрозьніваюцца ад таго сьвету, які існаваў да лютага 2014 году, што шмат якія ўвачавідныя раней рэчы сталіся абсалютна няправільнымі і памылковымі цяпер. Рэаліі новага сьвету дыктуюць новыя стратэгічныя выклікі, у тым ліку для Беларусі. Калі раней, да лютага 2014 году мы маглі казаць пра ўладу Лукашэнкі як галоўную пагрозу будучыні нашай краіны, то цяпер галоўнай пагрозай зьяўляецца страта сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, прычым сыходзіць яна не ад Лукашэнкі (які парадаксальна стаўся гарантам незалежнасьці), а ад фашыстоўскай і абсалютна непрадказальнай суседняй краіны. У новых рэаліях становіцца актуальным тэзіс, які раз-пораз гучыць сярод беларускіх аналітыкаў: упершыню за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ягоныя асабістыя інтарэсы, інтарэсы наменклятуры, апазыцыі і грамадзтва супалі. Інтарэсы гэтыя ў тым, што мы мусім прыкласьці ўсе намаганьні, каб гарантаваць, замацаваць, а калі трэба, то і абараніць незалежнасьць нашай краіны.

Прадстаўлены ніжэй тэкст – гэта спроба прааналізаваць пагрозы і магчымасьці, што існуюць зараз для нашай краіны, і накідаць магчымыя варыянты рэакцыі дэмакратычнай супольнасьці і грамадзтва ў цэлым на той ці іншы сцанар разьвіцьця падзеяў.