Categories
Афіцыйна Выбары Сучаснасьць Беларусі

ЮРАСЬ ЗЯНКОВІЧ НЕ ЗАРЭГІСТРАВАНЫ КАНДЫДАТАМ У ДЭПУТАТЫ

Як паведамілі ў Заслаўскай акружной выбарчай камісіі №77, Юрасю Зянковічу адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты па гэтай акрузе. Прычына адмовы — інтэрв’ю Юрася Зянковіча сайту “Беларускі Партызан”, у якім ён сказаў, што зьбіраецца ўзначаліць Беларусь.

Афіцыйны прадстаўнік Юрася Зянковіча ў камісіі, Генадзь Таляронак, паведаміў, што дзеля ўручэньня рашэньня пра адмову камісія сабралася ў поўным складзе, і што практычна ўсе яе сябры былі моцна напужаныя сваім уласным рашэньнем. “Яны ўвесь час пыталіся ў мяне: “Скажыце, навошта гэта яму трэба?” – сказаў Генадзь Таляронак прэс-службе. – “Я ім адказаў, што ў іх была магчымасьць задаць гэтае пытаньне непасрэдна Юрасю Зянковічу, бо ён рэгулярна зьвязваўся з камісіяй, пытаючыся, ці патрэбныя ўдакладненьні ў дакуманты.”

Юрась Зянковіч наступным чынам пракаментаваў рашэньне камісіі: “Беларуская ўлада дзейнічае ажно занадта прадказальна. Яна баіцца і таму губляе ініцыятыву. У Беларусі кволая ўлада і слабая дзяржава. Яны спрабуюць пераканаць грамадзянаў у адваротным, дзейнічаючы незаконна і жорстка, але гэта менавіта праява кволасьці і няўпэўненасьці ў сабе. Іх час сышоў. Я кажу Лідзіі Ярмошынай і яе начальніку Аляксандру Лукашэнку: я вярнуўся, а гэта азначае, што ваш час скончыўся, і вы пойдзеце на пенсію гатаваць боршч! Вы даказалі сваю поўную непрыдатнасьць да кіраваньня краінай, не прайшоўшы просты тэст з маёй рэгістрацыяй. Вы паказалі ўсім, што вы баіцеся сапраўды моцных і незалежных людзей нават ва ўмовах цалкам падкантрольных вам выбараў.

Я з самага пачатку казаў, што гэтыя “вырабы” — гэта гульня ў напёрсткі з махлярамі. А махляры баяцца гуляць з тымі, хто распазнае іх махлярства. Таму загад пра маю нерэгістрацыю быў цалкам прадказальны і пралічаны. Скажу больш — калі б мяне зарэгістравалі, то вось гэта быў бы нестандартны крок, і мне трэба было б думаць, што рабіць далей. Мой каляндарны плян працы не прадугледжвае паездку ў Беларусь у жніўні — я пляную прыехаць крыху пазьней, ужо пасьля выбараў, з працоўнай паездкай, пад час якой зраблю шэраг важных заяваў.

Адмова ў рэгістрацыі ня ёсьць канец маёй кампаніі, як думае ўлада, а наадварот яе пачатак. За гэты час да мяне зьвярнулася вялізная колькасьць беларусаў-прафесіяналаў, якія пражываюць у ЗША і краінах Заходняй Эўропы, атрымалі тут прэстыжную адукацыю і хочуць стаць часткай каманды Новай Беларусі — той Беларусі, якая пачне выпраўляць тое, што зламала дзеючая ўлада за апошнія 22 гады. Мы плянуем нашую працу на гады наперад.

Што датычыць “вырабаў”, то я не зьбіраюся іх байкатаваць, таксама як асабліва не зьбіраўся займацца агітацыяй. Бюджэт маёй кампаніі на гульню з напёрстачніцай Ярмошынай быў роўна 100 даляраў. Мне было важна паглядзець на рэакцыю гэтай слабой улады, і я пабачыў менавіта тое, што чакаў — яна баіцца. Цяпер я магу зэканомленыя грошы патраціць на што-небудзь больш карыснае. Напрыклад, на дапамогу тым нашым хлопцам і дзяўчатам, што зараз змагаюцца супраць агрэсіі з Усходу. У бліжэйшы час я зьбіраюся абвесьціць пра кампанію па збору сродкаў для беларускіх байцоў ва Ўкраіне.” — дадаў Юрась Зянковіч.