Categories
Uncategorized

Грандыёзны шухер

Як гаворыць ад’ютант пана атамана Папандопула з Адэсы, рэжым знаходзіцца напярэдадні грандыёзнага шухера. А гэта значыць, што дні Лукашэнкі, магчыма, ужо палічаныя. І ўсё гэта здарылася дзякуючы зьбегу шэрагу абставінаў.

ТРЫ СТАЛПЫ БЕЛАРУСКАГА ЭКАНАМІЧНАГА ЦУДА

Беларуская эканамічная мадэль захоўвае адносную стабільнасьць дзякуючы тром складнікам: экспарт калійных угнаеньняў у Кітай і Індыю, экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі ў Эўропу, і экспарт прадукцыі г.зв. “рэальнага сэктара” (тобок неканкурэнтаздольных на сусьветных рынках рэштак савецкіх прадпрыемстваў) у Расею. Усе тры сталпы пагражаюць абваліцца ўжо ў бліжэйшыя тыдні. А чацьвёрты шырокаразрэклямаваны стоўп – беларускі ІТ-сэктар – пакуль яшчэ не дарос да таго памера, калі ён здолеў бы выцягнуць рэшту эканомікі і захаваць адносную стабільнасьць.

Прычым што цікава – абвал аднаго з трох сталпоў выклікаў бы падзеньне ўзроўню жыцьця, і рэжым гэткія крызісы перажываў раней. Абвал двух сталпоў – гэта ўжо нябачаны раней выклік і крызіс эканамічнай мадэлі. А абвал адразу трох сталпоў – гэта крах мадэлі без магчымасьці яе аднавіць.

АБВАЛ КІТАЯ

Беларускі экспарт калійных угнаеньняў меўся вельмі няблага ў нулявых гадах, калі кошт тоны калійнай солі сягаў 650 і болей даляраў. За мінулае дзесяцягоддзе кошты ўпалі ўдвая, і зараз не дацягваць нават да 300 даляраў за тону.

Да гэтага дайшло скарачэньне продажу. Як вядома, Беларуськалій так і ня здолеў напрыканцы 2019 году дамовіцца з Кітаем што да цаны. У выніку экспарт з Салігорска рэзка абваліўся, і зараз там стаіць пытаньне нават пра скарачэньне персанала.

А ў сувязі з наступствамі эпідэміі каронавіруса ў Кітая зараз намячаюцца такія праблемы, што ён наўрад ці здолее дапамагчы сваім беларускім “малодшым братам”.

Справа ў тым, што аснова эканомікі Кітая – гэта экспарт прамысловай прадукцыі ў разьвітыя краіны сьвету. Жорсткія меры кітайскіх таварышаў па барацьбе з эпідэміяй прывялі да эканамічнай стагнацыі – ужо зараз гавораць, што ў гадавым абліку кітайскі экспарт скараціўся нават на 17%. І гэтая лічба будзе толькі нарастаць.

Нават калі Кітай справіўся ўжо з эпідэміяй і гатовы запусьціць прамысловасьць, яе прадукцыя акажацца незапатрабаванай: эканомікі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі практычна спыніліся з-за карантынных мерапрыемстваў, і ў бліжэйшы месяц-два дакладна ня здолеюць аднавіць імпарт з Паднябёснай.

Стагнацыя ж эканомікі і крызіс пагражае ўжо самой сутнасьці кітайскай улады, якая год ня можа справіцца з пратэстамі ў Ган-Конгу. Дурны прыклад можа заразіць і іншыя правінцыі, дзе насельніцтву ўпершыню за апошнія 40 год магчыма прыдзецца сутыкнуцца з рэальным пагаршэньнем узроўня жыцьця. У гэтай сітуацыі кітайскі “сацыяльны кантракт” (камуністы забясьпечваюць рост дабрабыта насельніцтва, а насельніцтва ня лезе ў палітыку і прымае ўладу камуністаў) можа даць такі крызіс, што Кітаю будзе яшчэ вельмі доўга не да сінявокай сяброўкі.

А гэта значыць, што праблема экспарту калійных угнаеньняў так і застанецца нявырашанай.

АБВАЛ РЫНКУ НАФТАПРАДУКТАЎ

Беларусь адчула на сабе нафтавую расейскую ўдаўку ўжо ў пачатку года. Паставак на Мазырскі і Наваполацкі камбінаты з усходу як ня было, так і няма. Закупкі невялікіх партыяў на іншых рынках вырашылі праблему толькі ў нязначнай ступені. За два месяцы беларускі экспарт перажыў моцны спад, бо ня было як прадаваць нашыя нафтапрадукты.

Зараз сітуацыя робіцца яшчэ горшай. Расея як не прадавала, так і не прадае нафту ў Беларусь – нават пры тым, што расейскую нафту маркі Urals адмаўляюцца купляць у Эўропе. Пастаўкі з Паўночнага мора ці ад арабскіх сяброў сям’і Лукашэнак пакуль не даехалі. Нафтаперапрацоўка ледзь трымаецца пры жыцьці.

А да гэтага дайшоў яшчэ і абвал нафтавых рынкаў. Падае ня толькі цана на нафту, але і на нафтапрадукты. На момант напісаньня гэтага тэксту на сусьветных рынках бензін гандляваўся па $0.684 даляра за галон. Яшчэ тыдзень таму цана сягала 1 даляра, а месяц назад была $1.75.

Такім чынам, нават калі б беларускія НПЗ зараз працавалі на поўную магутнасьць, экспартная выручка і так была б у тры разы ніжэй, чым яшчэ месяц назад. А з улікам таго, што яны стаяць, цалкам ня выключана, што зараз было б больш выгодным, каб яны і надалей стаялі – прынамсі ня будуць прыносіць страты.

Калі такая кан’юнктура пратрымаецца яшчэ хаця б месяц-два (а з улікам спыненьня эўрапейскай і амэрыканскай эканомікаў няма прычынаў, каб кан’юнктура памянялася), то ў Беларусь амаль спыніцца паступленьне валюты за нафтаперапрацоўку.

АБВАЛ РАСЕЙСКАГА РЫНКУ

Толькі лянівы беларус зараз не назірае за тым, як спыняецца дыханьне ў расейскага экспарту. З-за таго, што Расея недальнабачна ўвязалася ў вайну нафтавых цэнаў, ды яшчэ і на фоне каранавіруснага крызісу, яе нафтавы экспарт (які дае 2/3 валютных паступленьняў) гразіць абваліцца.

Следам за экспартам падае расейскі рубель. На момант напісаньня артыкула ягоны курс складаў 80 рублёў за даляр. І гэта яшчэ не мяжа – прагнозы гавораць пра 110-120 рублёў за даляр ужо ў бліжэйшай перспектыве.

Беларускія прадпрыемствы з большага падпісваюць кантракты на пастаўку ў Расею за расейскія рублі. Пераглядаць кошты ніхто на ўсходзе ня будзе – з улікам крызісу беларусы павінныя будуць радавацца, што хаця б за тыя грошы (тобок у паўтара-два разы таньней, чым плянавалася) там возьмуць іх тавары. Між іншым, пастаўкі сыравіны і камплектуючых на беларускія прадпрыемствы г.зв. “рэальнага сэктара” ідуць за валюту. А прадаваць прыдзецца за “драўляныя” расейскія рублі. Чым гэта пагражае, чытачы могуць уявіць самі.

КРЫЗІС РЫНКУ ПРАЦЫ НА ЎСХОДЗЕ І НА ЗАХАДЗЕ

Беларусы – людзі цярплівыя, і калі ў іх дома нешта няладзіцца, яны масава едуць на заробкі: хто ў Расею, хто ў Эўропу. Прычым што важна – едуць найбольш здольныя і актыўныя, а пасіўныя застаюцца дома, каб піць гарэлку ды скардзіцца на жыцьцё.

Праблема ў тым, што і Эўропа, і Расея зачынілі межы. Далей будзе толькі горш – крызісныя зьявы будуць нарастаць і там, і там. А значыць патрэба ў працаўніках будзе падаць, і пад скарачэньне патрапяць, у першую чаргу, замежныя гастарбайтары, сярод якіх і беларусы.

Беларускім “зарабітчанам” давядзецца вяртацца дахаты, бо бяз месца працы візы ім ніхто працягваць ня будзе. А дома яны далучацца да тых суайчыньнікаў, якія і так ужо сядзяць бяз працы. Паколькі вяртацца будуць маладыя, інінцыятыўныя і працавітыя, гэта пагражае тым, што яны моўчкі трываць такі стан рэчаў ня будуць – яны пойдуць на вуліцы.

РЭАКЦЫЯ РЭЖЫМА

Як паказвае гісторыя іншых краінаў, якім бы брутальным і крывавым ня быў дыктатарскі рэжым, разваліцца ён можа на працягу літаральна некалькіх дзён – проста пад ціскам масавых пратэстаў.

Лукашэнка – у гэтым можна не сумнявацца – будзе трымацца за ўладу зубамі. І яму будзе абсалютна абыякава, колькі людзей трэба будзе забіць, каб застацца пры ўладзе. Іншая справа, ці выканаюць загад страляць сілавыя ворганы.

Адна справа – гэта разагнаць дубінкамі жалосную кучку апазіцыянераў. І зусім іншая справа – адчыняць агонь з вагняпальнай зброі па натоўпе рабочых, якія выйдуць у цэнтр гораду. На такое ў 1990 годзе не спадобіліся нават камуністы! Беларусы – народ суворы і помсьлівы, і тым, хто выканае такі загад, жыцьця ў Беларусі ня будзе, бо заб’юць рана ці позна разам з сем’ямі.

Тых, хто гатовы на такое рызыка “дзеля захаваньня ўлады для Лукі і ягонага байструка” (цытата аднаго з беларускіх афіцэраў), ня так шмат. Таму зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што ў выпадку масавых выступленьняў кроў будзе пралітая, але адносна невялікая.

РЭАКЦЫЯ АПАЗІЦЫІ

У тым выпадку, калі ў Беларусі здарацца масавыя выступленьні, беларуская апазіцыя павінная вылучыць тры простых і зразумелых тэзіса:
1. Неадкладная адстаўка Лукашэнкі;
2. Неадкладная адстаўка ўсёй структуры выбаркамаў, пачынаючы ад Ярмошынай і сканчаючы ўсімі сябрамі раённых выбарчых камісіяў з забаронай ім удзельнічаць у выбарах у любой форме;
3. Неадкладнае правядзеньне пазачарговых выбараў прэзыдэнта і затым у нацыянальны сход.

І няхай пераможа мацнейшы! Але тое ўжо будзе зусім іншая гісторыя зусім іншай Беларусі.

Юрась Зянковіч