Categories
Афіцыйна

Ці здолее сістэма рэфармаваць сябе?

Прызначэньне Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь узмацняе пазыцыю прыхільнікаў разьвіцьця краіны ў кірунку разьвіцьця. Аднак прынцып падбора кадраў апошніх 24 год гаворыць пра тое, што на высокія дзяржаўныя пасады прызначаюцца людзі бесхарактарныя. Яны могуць мець выдатную адукацыю і падрыхтоўку, але такія прызначэнцы, як правіла, ня здольныя супрацьстаяць таму патоку супярэчлівых і шкодных загадаў-даручэньняў, што сыходзяць ад кіраўніка дзяржавы.

Прызначэньні, асабліва на пасады кіраўніцтва ўрада і ключавых міністэрстваў эканамічнага блоку, людзей, што маюць добрае разуменьне таго, як трэба рэфармаваць краіну, надае аптымізму. Аднак гэты аптымізм можа лёгка скончыцца, калі гэтыя людзі ня здолеюць адстойваць свае перакананьні ў спрэчках з высокім начальствам.

Беларусі па-ранейшаму патрэбныя канстытуцыйная гарантыя правоў уласнасьці і незалежнасьць судовай сістэмы. Пакуль гэтыя дзьве ключавыя зьмены ў краіне ня будуць рэалізаваныя на практыцы, няма ніякіх гарантыяў, што Беларусь ня скоціцца назад у папулізм і эканамічную дэпрэсію 90-х і “нулявых” гадоў.

Беларускае грамадзтва працягвае імкліва разьвівацца. Гэта сучаснае дынамічнае грамадзтва, якое адпавядае рэаліям часу — ні чым ня горшае за грамадзтва любой эўрапейскай ці паўночнаамэрыканскай дзяржавы. Аднак разьвіцьцё краіны тармозіцца постсавецкім менталітэтам кіраўніцтва дзяржавы і чынавенства. Усё часьцей і часьцей гэтыя рэчы ўваходзяць у супярэчнасьць, а значыць канфлікт, накіраваны на слом дзяржаўнага механізма родам зь мінулага стагоддзя, непазьбежны. Ці адбудзецца гэты слом шляхам рэфармаваньня сістэмы знутры, ці патрэбныя будуць жорсткія, у тым ліку рэвалюцыйныя падзеі — пакажа бліжэйшая будучыня. Беларусі не патрэбныя рэвалюцыі і сацыяльныя патрасеньні, бо гэта можа прывесьці да зьнікненьня нашай дзяржавы з мапы сусьвету. Хацелася б, каб новаму прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і ягонай камандзе хапіла характару і сілы духу адстойваць свае перакананьні і прывесьці краіну да жыцьцёва неабходных мірных рэформаў.