Categories
Uncategorized

Курапацкі канфлікт як цывілізацыйны падзел Беларусі

Канфлікт вакол рэстарана “Паедзем паямо”, што збудаваны каля ахоўнай зоны Курапатаў, як на далоні паказаў, што беларускае грамадзтва далёкае ад эўрапейскіх каштоўнасьцяў і па-ранейшаму стаіць на цывілізацыйным разломе паміж эўраатлантычнай і азіяцкай цывілізацыямі. І азіятчына зусім ня там, дзе можа падумаць чытач гэтага артыкула.


Лёс рэстарана “Паедзем паямо” – гэта чыста юрыдычнае пытаньне, якое, здавалася б, ужо закрытае: адпаведныя дзяржаўныя ворганы прааналізавалі дакуманты рэстарана і выдалі сваё заключэньне – парушэньня закону там няма. Але з гэтым не згаджаецца частка апазіцыйных колаў, якія патрабуюць закрыць і разбурыць рэстаран, а таксама пакараць ці то чыноўнікаў, ці то гаспадароў.

У гэтым адлюстроўваецца стаўленьне пэўнай часткі грамадзтваа Беларусі да спосаба вырашэньня юрыдычных спрэчак.

Сучасны сьвет падзяляецца на тую частку, дзе з павагай ставяцца да кожнага з бакоў юрыдычнай спрэчкі, і дзе, як правіла, у судах прынята знаходзіць больш ці меньш кампраміснае рашэньне, і на тую частку, дзе няма выйграўшых і прайграўшых – там ёсьць толькі пераможцы і пераможаныя. А пераможаным, як вядома, гора.

Тыповым прыкладам такога азіяцкага стыля мысьленьня зьяўляецца сёньняшні кіраўнік краіны. Ён не прызнае кампрамісаў, асабліва ў палітычнай барацьбе – усю сваю палітычную кар’еру ён змагаўся з ворагамі і, як правіла, ворагаў перамагаў. Прычым ня проста перамагаў, а зьнішчаў. Адсюль амаль поўная адсутнасьць апазіцыі ў ворганах улады (асабліва ў парляманце) і суцэльная зачыстка палітычнага ландшафту краіны. У пытаньнях улады ня можа быць кампрамісаў! Улада належыць аднаму чалавеку! А каму гэта не падабаецца, таму прызначаныя амапаўскія абцасы і дубінкі. А то і куля ў лоб.

Здавалася б, што апазіцыя павінная глядзець на сьвет інакш. Прынамсі на словах, яе прадстаўнікі зьяўляюцца прыхільнікамі эўраатлянтычных каштоўнасьцяў. А ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы прынята дзяліцца ўладай, прынята знаходзіць такія палітычныя рашэньні, якія задаволяць (у большай ці меньшай ступені) ўсе бакі канфлікту.

Гэта датычыць і судоў. Суды ў эўраатлянтычнай цывілізацыі – гэта інструмант канчатковага вырашэньня спрэчных пытаньняў. Але ж у жыцьці вельмі рэдка бывае, каб адзін бок меў на 100% рацыю, а другі бок на 100% памыляўся. Таму і рашэньні судоў у Эўропе і Амэрыцы – гэта спроба раздаць усім па заслугах. Калі чытаеш рашэньні па цывільных справах (крымінальныя – гэта асобная тэма, але там і стандарты доказаў значна больш строгія, чым у цывільных спрэчках), то амаль заўсёды застаецца ўражаньне, што суд спрабуе знайсьці паразуменьне сярод бакоў і прымірыць іх. Таму нават калі справу выйграе адзін бок, то ў пэўных дробязях суд становіцца на другі бок. Так бы мовячы, каб падсалодзіць горыч паразы.

Зусім іншая справа – судовыя рашэньні ў былым СССР. Там суд з усёй суворасьцю вырашае спрэчку і гаворыць, хто мае рацыю, а хто не. І, натуральна, прайграўшаму боку, які дакладна ведае, што нават калі ён памыляецца, то не на ўсе 100%, бывае крыўдна. Прайграўшы пачынае доўгую апельляцыйную працэдуру (на Захадзе апельляцыя – гэта выключэньне, а ня правіла). А там зноў уся суворасьць справядлівасьці – не, вы прайгралі, і вам гора, вы будзеце плаціць за ўсё!

Гэта асабліва заўважна, калі былыя савецкія людзі трапляюць у абарот амэрыканскай прававой сістэмы. Не, яны ня згодныя з паразай! Не, яны будуць біцца да канца! Нават калі адвакат гаворыць, што шансы невялікія (а адвакат ніколі ня будзе ўжываць выраз “шансаў няма зусім”), то яны пойдуць самі і дакажуць усяму сьвету, што яны ня могуць памыляцца! Што яны маюць рацыю! Натуральна, ніхто ў выніку нічога нікому не даказвае, але грошы на барацьбу за сваю “праўду” выдаткоўваюцца вялікія.

Цяпер вяртаемся да Курапатаў і канфлікту. Як ужо было сказана вышэй, юрыдычныя пытаньні даўна вызначаныя – зона мемарыяла не закранутая, а там, дзе крыху закранутая ахоўная зона, будаўніцтва не парушае дзеючае заканадаўства.

Але ж абаронцы апэльлююць да “незалежнага суду”, які калі-небудзь пакарае нягоднікаў-забудоўшчыкаў. Што цікава, яны нават ня ўяўляюць, як цяжка ім будзе давесьці свае рацыі сапраўды незалежнаму суду. Бо гэта іх будзе абавязак даказваць незаконнасьць, бо ў незалежным судзе даказвае той, хто абвінавачвае, а не наадварот. А з доказамі ў іх, мякка кажучы, ня надта. І я зь цяжкасьцю ўяўляю таго незалежнага і непалітызаванага суддзю, які б вырашыў справу на карысьць абаронцаў.

Зусім іншы падыход дэманструюць уласьнікі рэстарана. Нездарма ж сярод іх ёсьць грамадзяне цывілізаванага Ізраілю і цывілізаваных Злучаных Штатаў! Нягледзячы на абсалютную юрыдычную рацыю, яны спрабуюць шукаць кампраміс. Заўважце – не ламаюць сітуацыю праз калена. Маглі б выклікаць міліцыю, АМАП, давесьці да вялізных штрафаў і адміністратыўных арыштаў. Маглі б яшчэ і ў цывільны суд падаць за страты свайго бізнэсу. І, хутчэй за ўсё, выйгралі б. Аднак гэта ня іх падыход – яны прапануюць пагаварыць і знайсьці кампраміс. Не таму што слабыя, не таму што баяцца нечага. Проста так прынята ў краінах эўраатлантычнай цывілізацыі – спрабаваць дамовіцца мірна. Ну а калі не дамовімся, тады спрэчку вырашыць суд.

Калі ў мяне знаёмыя пытаюцца, чаму мне бліжэй пазыцыя спадара Зайдэса, чым спадара Севярынца, то намякаюць на тое, што можа мне заплацілі. Не, сябры – спадар Зайдэс не плаціў мне нічога. А каб заплаціў, то я б вырашаў праблему юрыдычна, а не палітычна – праз суды і міліцыю, а ня шляхам перамоваў. Бо гэта была б ужо праца юрыста, а не палітыка. А паколькі я палітык незалежны і прынцыповы, то я ня буду браць грошы ад аднаго з бакоў канфлікту, які я спрабую вырашыць.

Палітычная прынцыповасьць прадугледжвае вернасьць свайму сьветапогляду. Я – кансэрватар, а значыць прыхільнік размоваў і кампрамісаў там, дзе гэта магчыма. Гэта тое, чаму я навучыўся за час пражываньня за мяжой: усім у гэтым сьвеце патрэбнае месца пад сонцам. Пры ўмове, што гэтае месца займаецца не за кошт іншых людзей. Асабліва мне блізкія людзі, якія робяць стваральную працу: будуюць дабрабыт там, дзе не было нічога; утрымліваюць за свае падаткі тых, хто сябе ўтрымаць ня ў стане; ствараюць працоўныя месцы там, дзе раней было жабрацтва і беспрацоўе. Адзіная ўмова пры гэтым – не парушаць закон.

Закон каля ўрочышча Курапаты не парушаны. Тыя, хто лічаць наадварот, няхай паспрабуюць даказаць адваротнае ў судзе. Таму мне бліжэй пазыцыя таго, хто гатовы шукаць кампраміс – хто сам запрапанаваў грошы на ўпарадкаваньне нашай гісторыка-культурнай каштоўнасьці нумар адзін. А тыя, хто гавораць мовай ультыматумаў і пагрозаў (тым больш, што пагрозы тыя рэалізаваць яны ня могуць, бо гэтыя людзі вельмі слабыя і бедныя), выглядаюць жалю годна. І мае сімпатыі ня будуць на іх баку.

адвакат Юрась Зянковіч
асоба, вылучаная Партыяй БНФ у Прэзыдэнты Беларусі