Categories
Uncategorized

Права ўласнасьці

Для любога кансэрватара права ўласнасьці ёсьць сьвятое і непарушнае. Ніякія патрэбы грамадзтва ці дзяржавы ня могуць апраўдаць парушэньне права ўласнасьці.

Нашыя продкі казалі: “Шляхціч на загродзе роўны ваяводзе”. Гэта значыла, што ў традыцыях нашага народа глыбокая павага да прыватнай уласнасьці, у першую чаргу, на зямлю. Земляўласьніку ні стараста, ні ваявода, ні сам вялікі князь былі ня ўказ.

Гады жыцьця пад расейскім прыгнётам, асабліва ў апошні яго, камуністычны пэрыяд, адвучылі нас ад павагі да прыватнай уласнасьці. Там, на ўсходзе, цар меў права забраць любую маёмасьць, а ў абшчыне сялянін ня мог распараджацца ні сваім зямельным надзелам, ні сваёй асабістай маёмасьцю. Усё гэта пазьней увасобілася ў вядомую прымаўку камуністычных часоў: “Усё вакол калгаснае, усё вакол маё”.

Гэтую звычку лічыць, што можна браць усё, што хочаш, не азіраючыся на ўласьніка, моцна ўкаранілі ў нашым грамадзтве. Калі грамадзянін лічыць, што ўзяць чужое – гэта нармальна, то чаму б і дзяржаве, якая па вызначэньню мацней за грамадзяніна, не рабіць тое самае? Чаму б нарэшце суседу таксама не скарыстацца правам “калгаснай уласнасьці” і ня скрасьці нешта ў такога грамадзяніна?

І ідуць гучныя працэсы па ўсёй Беларусі: там бабулю высяляюць, бо дзяржава вырашыла збудаваць чарговы спартовы комплекс, а плаціць бабуле справядлівую цану за ўчастак ня хоча. Тут сям’я павінная сысьці зь вялікага дома жыць у тыпавую кватэру ў панэльным доме, бо ўчастак патрэбны прадпрымальніку пад чарговы гатэльна-офісны комплекс. Народ абураецца, але не заўважае, што першапрычына – у адсутнасьці адрэгуляванага інстытута безумоўнай прыватнай уласнасьці і ў адсутнасьці павагі да яе.

Спадары прадпрымальнікі на рынках! Вас тое самае датычыць: менавіта таму дзяржава лічыць сябе ў праве канфіскоўваць ваш тавар, бо вы самі не паважаеце прыватную ўласнасьць ні сваю, ні гаспадароў рынкаў, дзе вы гандлюеце.

Першая і безумоўная рэформа, якая патрэбная ў Беларусі дзеля пабудовы здаровай эканомікі – гэта канстытуцыйная гарантыя права ўласнасьці. Права ўласнасьці мусіць быць непарушным, якія б гэта нязручнасьці ні стварала арандатарам, суседзям або дзяржаве. Без канстытуцыйнай абароны права ўласнасьці мы ня здолеем ні развіць бізнэс, ні прыцягнуць інвестараў, ні самі ніколі ня будзем бясьпечнымі.

Гарантыя права ўласнасьці цягне за сабой глыбокія рэформы ў іншых галінах права. Напрыклад, у крымінальным праве павінен быць адменены інстытут канфіскацыі маёмасьці. Бо разам зь безумоўна няправедна нажытым маёнткам канфіскоўваецца і тое, што чалавек зарабіў за сваё жыцьцё сумленна. Гэта таксама адгалосак старога царскага, а потым камуністычнага мінулага: маўляў, дзяржава (цар) дала магчымасьць зарабіць, дзяржава (цар) мае права забраць назад. Канфіскацыі можа падлягаць толькі тая частка маёмасьці, якая даказана набытая незаконным шляхам.

А што рабіць, калі гораду трэба пабудаваць новы палац спорта на прыватным участку? Па-першае, гаспадар участка павінен атрымаць рынкавую кампенсацыю. Кампенсацыя павінная быць такога памера, каб гаспадар сам згадзіўся саступіць – не чыноўнік мае вырашаць яе памер. Не згаджаецца гаспадар саступаць – будуйце палац у іншым месцы.

А па-другое, такі ўчастак, набыты за грамадзкія сродкі і дзеля грамадзкай патрэбы, ня можа быць перададзены ніякаму прыватнаму інвестару – будуйце на ім тое, чым усе будуць карыстацца. А інвестар, калі хоча нешта збудаваць, павінен вырашаць свае адносіны з гаспадаром зямлі самастойна, без дапамогі дзяржаўных бюракратаў.

Нязручна? Магчыма так. Але толькі на першы погляд. Затое гарантуе права кожнаму беларусу быць упэўненым у сваёй будучыні на 50-100 год наперад: калі такі беларус збудуе дом, то зможа перадаць яго ў спадку сваім нашчадкам, і ніколі ніхто іх правы не паставіць пад сумнеў.

Гэта дазволіць нам перайсьці да плянаваньня нашага жыцьця на дзесяцігоддзі наперад. Тое, што існуе ва ўсім сьвеце, прыдзе ў Беларусь: стабільнасьць і прадказальнасьць нашай будучыні.

Юрась Зянковіч
Дэлегат Зьезду Партыі БНФ